
А парс злез з пальмы, насунуў на вочы шапку, якая блiшчала на сонцы, як сонца, i пайшоў з таго месца прэч у кiрунку да Оратава, Амiгдала, Верхнiх Далiн Анантарывы i Балот Санапута.
СЛОНIК
Гэта толькi цяпер, мiлы мой хлопчык, у Слана ёсць хобат. А раней, даўным-даўно, нiякага хобата не было ў Слана. Быў толькi нос, падобны на аладку, чорненькi, велiчынёю з чаравiк. Гэты нос матляўся ва ўсе бакi, але ўсё ж быў нiкуды не варты: хiба можна такiм носам падняць што-небудзь з зямлi?
Але вось у той самы час, даўным-даўно, жыў адзiн такi Слон, або, лепш сказаць, Слонiк, якi быў страшэнна дапытлiвы, i каго, бывала, нi ўбачыць, да ўсiх прыстае з роспытамi. Жыў ён у Афрыцы, i да ўсёй Афрыкi прыставаў ён з роспытамi.
Ён прыставаў да Страўсiхi, сваёй даўгавязай цёткi, i пытаўся, чаму ў яе на хвасце пёры растуць так, а не гэтак, i даўгавязая цётка Страўсiха давала яму за гэта грымака сваёй цвёрдай, як камень, нагой.
Ён прыставаў да свайго даўганогага дзядзькi Жырафа i пытаўся, чаму ў яго на скуры плямы, i высачэзны дзядзька Жыраф даваў яму за гэта грымака сваiм цвёрдым, як камень, капытом.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi.
I ён пытаўся ў сваёй тоўстай цёткi Бегемоцiхi, чаму ў яе такiя чырвоныя вочы, i тоўстая цётка Бегемоцiха давала яму за гэта грымака сваiм тоўстым капытом.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi. Ён пытаўся ў свайго валасатага дзядзькi Павiяна, чаму ўсе дынi такiя салодкiя, i валасаты дзядзька Павiян даваў яму за гэта грымака сваёй махнатай, валасатай лапай.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi. Што б ён нi ўбачыў, што б ён нi пачуў, што б нi панюхаў, да чаго б нi дакрануўся - ён зараз жа пытаўся пра ўсё i зараз жа атрымлiваў грымака ад усiх сваiх дзядзькоў i цётак.
