
Узяцца вам час за работу,
Не кiснуць, не спаць,
А зямлю капаць,
Капаць да дзесятага поту.
I спёка, вятры,
I дождж пралiўны,
I праца - вас зробяць шчаслiвым,
Разгладзяць ваш горб,
Нябачаны горб,
Калматы, махнаты, жахлiвы!
АДКУЛЬ У НАСАРОГА СКУРА
У нейкiм царстве, у нейкiм уладарстве, на Чырвоным моры, каля самага берага, стаяла Незаселеная выспа. На выспе жыў парс, а ў парса была шапка, i яна блiшчала на сонцы, як сонца.
Толькi i было дабра ў парса, што шапка, ды нож, ды печка, - а вам гэтую печку чапаць рукамi нельга.
I вось аднаго разу ўзяў парс iзюму, i мукi, i вады, i слiў, i цукру, i ўсяго ўсялякага, змяшаў усё ў кучу i зрабiў сабе пiрог, надзвычайны чароўны пiрог, у два аршыны даўжынёй, тры аршыны шырынёй; i паставiў яго на печку: яму, значыць, можна было падыходзiць да гэтай печкi. I так ён пёк гэты пiрог, што той зарумянiўся, i дух ад яго пайшоў дзiвосны.
Але толькi парс разявiў рот i хацеў з'есцi пiрог, глядзiць - iдзе Насарог, а ў Насарога на носе рог, i вочкi ў яго парасячыя, i манеры ў яго дрэнныя.
У тыя часы насарогi насiлi скуру ў абцяжку, без адзiнай складачкi, i вельмi падобныя былi да цацачных, толькi былi, вядома, буйнейшыя. Усё ж яны i цяпер недалiкатныя, раней былi недалiкатныя i заўсёды будуць недалiкатныя.
Насарог сказаў:
- Угу.
I пакiнуў парс пiрог, i кiнуўся да пальмы i, у чым быў, палез на верхавiну, а быў ён у адной шапцы, а шапка блiшчала на сонцы, як сонца.
I ткнуў Насарог у яго печку носам, i печка перакулiлася дагары нагамi, i пакацiўся пiрог па пяску, i падхапiў Насарог пiрог на рог, i пачаў яго есцi, а з'еўшы, пайшоў у бязлюдную, незаселеную пустыню, недалёка ад астравоў па суседству Мазандэрана, Сакотра i мысаў Вялiкага Раўнадзенства.
Тады парс злез з дрэва, паставiў печку на ножкi i прагаварыў такое заклiнанне:
- Калi скура табе, Насарог, дарага,
